ПО́МНІК ВЫЗВАЛІ́ЦЕЛЯМ у Віцебску,
мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны ў Вял. Айч. вайну. Пастаўлены ў 1974 (арх. Ю Шпіт, скульпт. Б.Маркаў, Я.Печкін) на Перамогі плошчы. Плошча мемарыяла знаходзіцца ніжэй за ўзровень пл. Перамогі (да яе вядуць 14 прыступак) і мае форму выцягнутага прамавугольніка. Да гал. манумента пракладзена дарога паміж 2 доўгімі басейнамі, з бакоў якіх пастаўлена па 5 прамавугольных пілонаў, на кожным з іх лічбы, што абазначаюць адзін з гадоў Вял. Айч. вайны. Па цэнтр. восі мемарыяла на высокім абрыве над р. Зах. Дзвіна ўзвышаецца гал. манумент. Ён складаецца з 3 трапецападобных пілонаў-абеліскаў (выш. 56 м), рэзка звужаных уверсе і аб’яднаных на вышыні 5 м 3-гранным звонку і круглым знутры маналітным скульпт. рэльефам, на гранях якога размешчаны сюжэтныя кампазіцыі «Воіны», «Партызаны», «Падпольшчыкі». У сярэдзіне манумента ўтвораны сімвалічны пантэон за кошт пілонаў-абеліскаў, злучаных кальцом-фрызам з надпісам «Слава героям», завершаным паўсферай з адтулінай уверсе; унізе, на невысокім стылабаце выкладзена 5-канцовая зорка з чырвонага граніту, у сярэдзіне якой — Вечны агонь. Плошча мемарыяла пакрыта чырвоным бетонам, акаймавана газонамі і абмежавана падпорнымі сценкамі з паліраванага чырвонага граніту. Іл. гл. да арт. Перамогі плошча ў Віцебску.
М.М.Яніцкая.
т. 12, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)